Адпаведныя выпрабаванні былі завершаны напрыканцы мінулага года і зараз вядзецца афармленне дакументацыі для рэгістрацыі харчовай дабаўкі. Доследную партыю аранчыцкія вытворцы ўжо накіравалі патэнцыяльным пакупнікам — «Савушкін прадукт» і «Парахонскае», некаторую долю адправілі расійскім жывёлаводам, які выказалі зацікаўленасць у наладжванні пастаянных паставак.
Ёсць яшчэ адна асаблівасць у пружанскага сапрапелю, якую прасцей асвоіць. Разам з прадстаўнікамі Гомельскай ДНУ «Інстытут лесу НАН Беларусі» на базе Кобрынскага доследнага лясгаса былі праведзены
іспыты выкарыстання сапрапелю ў галіне раслінаводства. У гадавальніку пад саджанцы дрэваў было падрыхтавана некалькі відаў падкормак, сярод якіх пружанскі сапрапель даў самы высокі вынік па развіцці каранёвай сістэмы, росце і стане раслін. Магчымасці новага арганамінеральнага ўгнаення, якое дапамагае засвойваць раслінам да 95% элементаў сілкавання ад мінеральных угнаенняў, падштурхнулі да больш актыўнага працэсу рэгістрацыі адпаведнай падкормкі з папярэдняй назвай «
Ферціліз». Яшчэ адна карысць ад выкарыстання натуральнага рэчыва — у экалагічнай бяспецы. Спалучэнне сапрапелю з мінеральнымі элементамі дае магчымасць выпускаць арганамінеральныя ўгнаенні, якія ў пераважнай большасці будуць «працаваць» на расліны, а не трапляць у падземныя воды або ў паветра. Варта ўзяць да ўвагі і патэнцыяльную эканомію «мінералкі», якая з улікам цяперашняга кошту будзе складаць мільёны рублёў. А пры той жа норме ўнясення прагназуецца рост ураджайнасці ўсіх без выключэння культур у 2-3 разы. Адпаведныя заключэнні па выкарыстанні арганамінеральных угнаенняў з пружанскага сапрапелю далі навукоўцы з РУП «Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі». Цяпер адпрацоўваецца тэхналогія вытворчасці.
Сёння ў кампаніі працуе 18 чалавек, летась з дапамогай той тэхнікі, што ёсць на балансе, змаглі здабыць крыху больш за 10 тысяч тон. Набыта неабходнае абсталяванне, на якім вядзецца перадпродажная падрыхтоўка сапрапелю, адведзены складскія памяшканні, частка сыравіны закладзена на захоўванне.